У блакіце нябёсаў маёй Беларусі
У блакіце нябёсаў маёй Беларусі
Жураўліны палёт вольны, лёгкі,
Робяць рухі, павольна кружаляць ў высі,
Аглядаючы пожні, пагоркі.
Развітацца не хочуць магутныя птахі
З родным краем, з дзівоснай зямлёю,
Што дае ім прытулак: і гнёзды, і дахі,
Дзе жывуць яны дружнай сям’ёю,
Дзе гадуюць сыноў і дачок
шэракрылых
Пад пухнатаю коўдрай аблокаў.
Гэта край непаўторных лугоў шапатлівых,
Край муроў векавых мілавокіх.
Жураўлі, як і людзі, жывуць тут
спрадвеку,
І курлыкаюць у паднябессі.
Гэты край любы птушцы і дар
чалавеку,
Ад таго так гучаць на ўвесь свет,
льюцца песні!
Лія Родная 13.09.2023
Пах першага кахання з пацалункамі...
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі няўстойлівы, пыхліва-трапяткі,
Сатканы з кветак бэзу чарадзейкамі,
І ветрам разарваны на шматкі.
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі гаючы, церпкі, малады,
Што хочацца адчуць сябе пушынкаю
І віраваць у абдымках мілаты.
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Такі пужлівы, радасна-сляпы
Казыча сэрца кволымі сцяблінкамі,
Жаданні абуджае, як тады…
Пах першага кахання з пацалункамі
Мне не забыцца нават праз гады:
Плыве туманам, паўстае малюнкамі
Твой вобраз далікатны, малады…
Пах першага кахання з пацалункамі ‒
Вятры вясновыя ўдалеч паднялі:
Нібыта торбачку з пахкімі пачастункамі
Пранеслі побач ‒ з’есці не далі.
Лія Родная
Пакуль жыву – кахаю...
Пакуль жыву – кахаю!
Пакуль жыву – люблю!
Цябе ўвесь час чакаю,
Праменне зор лаўлю.
Жыццё яно такое,
Не перайсці ў цянькі:
Як поле веснавое ‒
Ёсць хібы і раўкі.
Жыццё бывае розным,
Ды ўсё ж ‒ яно бяжыць:
З імгненняў ткуцца кросны,
Як бачыш набяжыць
Гадкоў гэтак “за трыццаць”.
А далей ужо ляціць:
І не спыніць, не сцішыць,
Жыццё не прыпыніць.
Усё ж не папракаю,
Свой лёс я не віню.
Штодня я паўтараю,
Ганю ў нябыт тугу:
Пакуль жыву – кахаю!
Пакуль жыву – люблю!
Цябе ўвесь час чакаю,
Праменне зор лаўлю.
Лія Родная 24.05.2019г.
Беларусь – мая калыска
Беларусь – мая калыска –
Тут прайшлі мае гады,
Тут звіняць ледзь чутна, нізка
Майго шчасцейка званцы.
Тут радзімыя палеткі,
Тут чысцюткі небасхіл,
Зіхацяць як зоркі кветкі:
Зверабой і дзевясіл.
А ўвосень чарадою
Гусі смецяць далягляд,
Дзед няспешнаю хадою,
Стог збірае каля хат.
Тут зімой, лютуе сцюжа,
А ўвесну крыгаход.
Сцежкі вузкія прыслужна
Забягаюць напярод.
Тут усмешкай і парадай
Сустракаюць землякі,
Каб трымаць ва ўсім парадак,
Раўнаважыць штодзянькі.
І ў святочную гадзіну
Я маркоту адганю,
І скажу: люблю Радзіму,
Беларусь маю люблю!
Беларусь мая сінявокая...
Беларусь мая сінявокая –
Белакрылая птушка мая,
Песня звонкая і высокая,
Неабсяжная чысціня.
У Беларусі шматлікія рэкі,
У Беларусі так многа азёр,
Тут так добра з сябрамі, паверце,
Пасядзець, разлажыўшы касцёр.
Чырванеюць улетку суніцы,
Розных птушак гучаць галасы.
А якія ў нас тут крыніцы!
А якія дубровы, лясы!
Жыватворная шчодрая маці
І карміцелька – НАША ЗЯМЛЯ –
Мае кволае сэрца дзіцяці,
Далікатная вельмі яна.
Беражыце ЗЯМЛЮ, бы калыску,
Усхваляйце, шануйце яе!
Мову родную, матчыну ласку
Не заменіш нічым і нідзе!
Лія Родная 18.11.2016г.
Жыццё паставіла адзнаку мне “выдатна”
Жыццё паставіла адзнаку мне “выдатна”,
Ды вось мяркую: штосьці тут не так.
І калі ўжо прызнацца вам, прыватна,
Цягну я толькі на вялізарны траяк.
Ды што з таго, усе мы нешта цягнем:
Сям'ю, работу, нейкі важны груз.
Галоўнае, каб мой Пегас адчайны
У балоце спраў будзённых не загруз.
Я думаю, даць волю трэба марам,
Няхай ляцяць: хоць ушыркі, хоць у галоп,
Каб толькі крылы ўсе прыдумкі ўтрымалі,
Ды не разбіць, дай Бог, аб відавочнасць лоб.
Бо часцяком такое ў нас бывае:
Усё творым, пішам, нешта “создаём”,
А пройдзе час, ніхто не запытае,
Ды й не прыпомніць гэткіх салаўёў.
Дык вось, сябры, няхай Пегас лятае,
Няхай ён не мінае і мой дом,
Да траяка прыбаўлю хвосцік з краю,
Няхай ужо будзе моцным пятаком.
05.10.2017г. Лія Родная
Ізноў табе пішу санеты,
Хоць адшумеў зялёны май,
Мае жаночыя сакрэты
Ты ўсур’ёз не успрымай.
Няхай нам разам будзе ўсцешна
І разам будзем гараваць,
У нас адна па жыце сцежка:
Нам Бог даў мудрасць дараваць.
Даруйце любым выбачэнне,
І ўмейце аддаваць спаўна
Сваю любоў, сваё натхненне,
Свае вытокі з-пад пяра.
2009 жнівень
Усё праходзіць...
Усё праходзіць, як звычайна
Кладуцца на асфальт лісты
Як быццам просячы адчайна
Вярнуць цяпло былой вясны
Лістоў далоні просяць свету,
Жывога соку і дажджу…
І гінуць пад парывам ветру
На сцежку сцелюць паранджу
Лістоў трымценне не кранае
Душы зчарсцвелай глыбіню
Кладу свой крок, і дакараю
Сябе за антыдабрыню.
Лістапад 2009г.