Канстанцін Сіманаў
Чакай мяне
Чакай мяне, і я вярнуся.
Ты толькі моцна ў гэта вер.
Чакай, калі дажджы цярушаць,
І слота лезе за каўнер.
Чакай зімоваю парою
І ў летні час не забывай.
Чакай, калі ўжо з нудою
Другіх хаваюць, не зважай.
Калі не прыйдзе ліст ізноўку,
Ты не спяшайся спапяляць
Каханне нашае, сяброўка,
Павінна ты мяне чакаць.
Чакай мяне, і я вярнуся.
Ты не жадай дабра таму,
Хто кажа, лепей быць у скрусе,
Не абыграць ушчэнт вайну.
Няхай павераць сын і маці,
Што ўсё дарма − няма мяне.
А ты ў сваёй спусцелай хаце
Не ладзь мне помнік на сцяне.
Няхай сябрам дакучна стане
Сядзець чакаючы − пляваць:
Мая душа ў нябыт не кане,
Пакуль ты будзеш ушчуваць.
Чакай мяне, і я вярнуся.
Няхай, усім вятрам назло.
Так будзе, я табе клянуся,
Хоць па другому быць магло.
Ім не паняць, хто не ў чаканні.
Тым, хто даўно спусціў свой сцяг,
Што там, сярод тугі адчаю,
Ты мне прысуджвала працяг.
Як я тады застаўся цэлы,
Мы будзем ведаць толькі ўдвох.
Адна ты так чакаць умела,
Тваё чаканне – абярог.
Пераклад Лія Родная 30.10.2015г.
Маёр прывёз малога на лафеце…
Маёр прывёз малога на лафеце.
Матулю родную не змог ён пахаваць.
Не ведаў хлопчык на якім ён свеце
Цяпер знаходзіцца і што сказаць…
Яго прывезлі з крэпасці, што ў Брэсце,
І кулямі падзёрты быў лафет.
Ды бацька думаў, што ў свеце месца
Няма надзейней. Вось у чым сакрэт.
Ды й сам ваяка быў увесь у ранах,
Не мог ён сына на руках трымаць.
А хлопчык спаў ў анучах нейкіх драных,
І цацку ён працягваў абдымаць.
Мы йшлі яму насустрач, аж з Расіі.
Калі ж басяк прачнуўся, памахаў рукой…
Вядома, там былі й другія,
Ды помню гэтага – з сівою галавой.
Цяпер у скрухі ёсць сваё аблічча.
Я бачу хлопчыка малога пад агнём,
Як быццам ён мяне заве і кліча,
І сэрца скача гнеўна, на пад’ём.
Я плакаў там і слёз сваіх не бачыў,
У пыл паходны падалі яны.
Той хлопчык – ён герой, не йначай,
І за Радзіму ён стаяў сцяной.
Ўсё тое, чым жылі мы, даражылі –
У гэтым вобразе, хлапчына дарагі!
Ты ведай, любы, ўсё, што мы згубілі,
Нам вернецца, не так, дык у кругі.
Няблізкі свет, ў гарах Урала
Мой родны хлопчык спіць і бачыць сны,
Яго жыццё вайна не ўзарала…
Цябе б пабачыць. Вось растуць сыны!
Калісь і ім, як нам настане хвіля
Ісці насустрач стратам па вайне.
Калі ж не прыйдзецца сустрэцца, мілы,
Ты добрым словам бацьку памяні…
Наталья Никончук. Перевод стихотворения Константина Симонова «Майор привёз мальчишку на лафете…»
30.10.2018 г.
К.М.Сіманаў
«Песня ваенных карэспандэнтаў»
Ад Масквы да Брэста
Не сустрэнеш месца,
Дзе б не вандравалі мы ў гразі.
З лейкай і з блакнотам,
А то й з кулямётам
Скрозь агонь і сцюжу мы прайшлі.
Без ста грам, таварыш,
Песню не заварыш,
Так давай па кропельцы нальём,
Вып’ем за газету,
Кінастужку гэту,
За радкі і кадры пад агнём!
Выпіць ёсць нагода,
Што нам непагода -
За У-2, за Эмку, за сваіх.
Пешкі як тапталі,
Плечы падстаўлялі,
Як мы апярэджвалі ўсіх.
Ад вятроў і сцюжы
Мы пяём ня дужа,
(Ад байцоўскай стопкі,
Хрыплі нашы глоткі,)
Ды мы скажам тым, хто папракне:
«З наша пакачуйце,
З наша паначуйце,
З наша паваюйце на вайне!»
Там, дзе мы бывалі
Нам танкаў не давалі,
Не рабілі с гэтага бяды.
На пікапе дзёртым
Ды з наганам дзёрзкім,
Першымі мы бралі гарады.
Так будзь: «За Перамогу! »
Ды ізноў у дарогу,
А калі й паляжам на мяжы:
Хто-небудзь пачуе,
Здыме і напіша,
Хто-небудзь памяне нежывых.
Пераклад Лія Родная 2016г.
Ты помніш, Алёша, дарогі Смаленшчыны...
Ты помніш, Алёша, дарогі Смаленшчыны,
Як дождж не сціхаў, ні ў дзень, ні ў начы,
Жанчын, тых вайною і горам знявечаных,
Што глечыкі з цёплым напоем няслі.
Як слёзы яны выціралі употай,
А потым шапталі: Дай бог вам дабра!‒
Яны ратаваліся цяжкай работай
Салдаткамі зваліся ўсё ж не дарма.
Зацяты палямі з крывымі пакосамі
Той тракт на пагорках хаваўся з вачэй.
Сялібы, магілы і вёскі з пагостамі,
Як быццам зямля ля дарогі мякчэй.
Як быццам за кожнаю рускай аколіцай,
Рукамі-крыжамі прыкрыўшы жывых,
Сышліся прадзеды і голасна моляцца
За Богам пакінутых ўнукаў сваіх.
Ты ведаеш, пэўна, не тая Радзіма,
Дзе жыў без турбот, запар столькі гадоў,
А гэта зямля, што сыноў нарадзіла,
А потым хавала на ўскрайку шляхоў.
Не знаю як вас, а мяне нібы з ношаю
З вясковай тугой ад сяла да сяла
З гаротнай слязою і песняй жаночаю
Вайна на дарогах смаленскіх звяла.
Ты помніш, Алёша, той дом пад Барысавам,
Нялюдскі пранізлівы жудасны крык,
Старую ў нейкім каптанчыку плісавым
І дзеда сівога да могільцаў крок.‒
Што ім гаварыць было, як не сурочыць,
Якім кіравацца ў жыцці пачуццём?
Ты помніш бабуля сказала: Мае вы, сыночкі,
Вы толькі ваюйце, а мы пражывём...
Вы толькі ваюйце, казалі нам нівы,‒
Вы толькі ваюйце, шапталі лясы.‒
«Мы вас пачакаем, сыночак радзімы», ‒
Іх следам за мною ідуць галасы.
На рускай зямлі курганы і пажарышчы,
На рускай зямлі непакорнасці сцяг.
На нашых вачах паміралі таварышы,
Па-руску рвануўшы рыззё на грудзях.
Нас кулі з табою пакуль яшчэ мілуюць.
Ды тройчы паверыўшы скончана ўсё,‒
Я гордасці поўны за самую мілую
Зямлю, дзе радзіўся і жыў усё жыццё!
За тое, што мне ў яе легчы завешчана,
За тое, што руская маці жыццё мне дала,
Жанчына-сялянка, як гэта заведзена,
Тры разы, па-руску, мяне абняла.
Лія Родная
Пераклад верша Канстанціна Сіманава «Ты помнишь, Алёша, дороги Смоленщины...»
Балада аб маці
Пастарэла маці, столькі год прайшло,
Праглядзела вочы ўдалеч за сяло.
Паўжыцця мінула, скончана вайна,
Вестачкі ад сына ўсё няма й няма.
Вецер не сціхае, веснічкі рыпяць
І вярэдзяць рану, не даюць ёй спаць.
Трыццаць зім і вёсен, можна б і забыць.
А яна ўсё помніць, як пераступіць.
Маці ўсё чакае, маці ўсё не спіць,
Бо таму што маці, у грудзях баліць.
Раз прыслалі ў вёску неяк па вясне
Фільм дакументальны аб былой вайне.
Усе прыйшлі вяскоўцы: што малы, што дзед,
Усе прыйшлі з ахвотай фільм той паглядзець.
Замільгалі кадры, ‒ зноў ідзе вайна:
Вось ляцяць снарады, рушыцца сцяна.
Перад горкай праўдай і людской журбой
Гнеў цячэ грымучы, гнеў цячэ ракой.
Раптам на экране воін паўстае,
Маці свайго сына ў кадры пазнае.
‒ Аляксей, Алёшка, любы мой сынок!
Закрычала маці ў голас неўзнарок.
У той жа момант хлопец ірвануўся ў бой,
Маці прыўзнялася, засланіць сабой.
Увесь час ў чаканні, раптам упадзе,
Ды сынок адважны, не прыстаў нідзе.
«Аляксей», ‒ крычалі ўголас гледачы,
«Аляксей», ‒ прасілі, хлопча, дабяжы.
Кадр змяніўся раптам, сын застаўся жыць,
Просіць маці сцэну з сынам паўтарыць.
Вось ізноў адчайна ён ірвецца ў бой
З непакрытай шапкай русай галавой,
Поўны лютай помсты і жадання жыць,
Зноў ён у атаку на прарыў бяжыць.
Доўга дома маці трызніцца кіно,
Быццам сын вось зараз грукне ў акно.
Пасярод трывожнай гулкай цішыні
Прыйдзе сын з далёкай, з той былой вайны…
Лія Родная 10.03.2019
Пераклад верша Андрэя Дзяменцьева «Баллада о матери» (Алёшенька)
Магіла Невядомага салдата
Магіла Невядомага салдата!
Іх безліч тут ад Волгі да Карпат!
На полі бітвы вырытых напята
Сапёрнымі лапатамі салдат.
Зялёны мулкі бугарок на ўскрайку
Ў якім навечна паляглі ў вяках
Надзеі на любоў і гаспадарку,
Сыночка-немаўлятка на руках.
Хто быў на той вайне, і ваяваў заядла,
Хто на вайне сяброў сваіх хаваў,
Той цэну страты ведае дакладна,
Той боль і ярасць да канца спазнаў.
За маршам марш, за боем новы бой,
Калі ж быў час узводзіць абеліскі?
Шматок ды нейкія пісьмовыя ашчэпкі ‒
Багаце, што было там пад рукой.
«Паслужны спіс» палеглага салдата:
«Іван Фамін», і болей ні го-го.
Крыху ўніз кароценькіх дзве даты
Народзінаў і гібелі яго.
Але праз тыдні два дажджоў імклівых
Там застанецца цёмна-шэры фон,
Кусок прамоклы ўздыбленай фанеры
І прозвішча ніякага на ім…
За сотні вёрст ужо грымяць гарматы,
А тут ля рэчкі ў берагах пакатых
Зялёны ўзгорак у кветачках стракатых ‒
Магіла Невядомага салдата…
Але Радзіма помніць ваяроў-герояў!
Як маці помніць кожнае дзіцятка!
Загінуўшых, палеглых сярод бою,
Небаязлівага, нябеснага дзясятка.
Так, мужнасці не страшна забыццё,
І кожнага героя памятаюць.
Старшыны на паверцы выклікаюць
Яго імя, і зноў ідзе вайсковае жыццё.
Таму ў знак памяці вялікай і сардэчнай
Ад Волгі-матухны і да сівых Карпат
Гараць агеньчыкі, як сонечны парад.
Чырвонай зоркі роднай чалавечнай
Праменне сочыцца так чыста, свята,
Кладзецца побач з цёплым камянём
Над прахам Невядомага салдата,
Што спіць перад старым Крамлём.
Ад промняў гэтых, чырванню працятых,
Гарыць агонь і будзе палымнець,
Як сімвал тых сцягоў уверх узнятых,
Як сімвал вечнасці, якога не суняць!
Лія Родная 12.03.2019г.
Пераклад верша Эдуарда Асадава «Могила Неизвестного солдата»
Сезон дажджоў
Кін Молба (намібійская паэтэса)
Смага, на вуліцы снежань –
Лета ў самым разгары.
Сонца паўсюдна, ды раптам:
Гром і навіслыя хмары.
Круцяць наўкол навальніцы,
Вараць какаву ўцехі.
Поруч дамоў камяніцы,
У сэрцы – кахання прарэхі.
***
Ты і я – нас зачапіла.
К чорту дажджы і прагнозы.
Купім два кухалі піва,
“Моцнай”, як пры марозе,
Сок хурмы, спелае манга,
Тры пляшкі віна з Апенінаў.
Слоік напою ад смагі –
Фрэш з залатых мандарынаў.
Змрок, нібы гад, асцярожна
Выпаўз з нары і чакае
Церпкай хвіліны яднання.
Сонца садзіцца, змяркае.
Скура блішчыць у Марэнга,
Таньчыць – нібы спакушае,
Дзёрзка ідзе паляванне,
Кола сваё ён змыкае.
Блізкасць! Яна асалода,
Кахаем – на плён, не на згубу.
Падумай, насамрэч, навошта
Нам дадзены страўнік і зубы?
Пэўна, каб есці маглі мы
Вустрыц з віном і з салатай.
А часам і мяса казулі,
Запытвалі з дзікаю мятай.
Аднак існуе яшчэ “нешта”
У кожнага між нагамі.
І гэтае “нешта” – бязгрэшна,
Як белае арыгамі.
Вось зараз усплёск асалоды
Запоўніць канал змялелы.
Смага адступіць і квецень
Ахопіць здранцвелыя целы.
Так, ашалелай маланкай
Дзверы ў рай расчыняю,
Хаваецца морак у норку,
Цябе ў сабе адчуваю.
Каханне здаецца бясконцым
З расплюшчанымі вачамі:
Як быццам у мора сонца
Спускаецца валасамі.
Густою робіцца вадкасць,
Свядомасць нібы ў тумане,
Губляецца розум, здаецца,
Матыль трапяткі пырхае.
У шыбіну гулка б’ецца,
Шукае святла крыніцу.
І раптам – бязважкасць, шчасце –
Ва ўлонні маім зараніцы.
Ты ў ва мне. Неабсяжна,
У чуйнай, дрыготкай стоме,
Быццам рушыцца неба,
Грукат ляціць па прасторы.
І мы ляцім разам з гэтым
Глухім выбуховым рэхам.
Успыхвае новая зорка,
Зароджаным чалавекам.
Лія Родная пераклад з англійскай
ліпень 2017г.
Мая віёла
Кін Молба (намібійская паэтэса)
Вечар на горад накідвае морак,
Брыз ледзь чутно павявае.
І перад тым, як сарвацца да зорак,
Стомлены дзень пазяхае.
Сонца згарае над соннай лагунай,
Чырванню след захінае,
Нават віёлы маёй срэбраструннай
Ніцяў смычок не кранае.
Моўчкі сумуюць струны па пальцах,
Просячы нотных штрыхкодаў.
Хочуць на дотык пяшчотны азвацца
Рэхам чароўных акордаў.
Цені на горад кладуцца паволі,
Сумна віёле ў цямніцы.
Мілы, каханы, дай каніфоллю
Струнам маім наталіцца.
Песню зайграй, каб душа затрымцела,
Суму ў жыцці так даволі.
Бачыш, у спакусе дрыжыць маё цела
У прадчуванні спатолі.
Сумесны пераклад з англійскай
Лія Родная і Ю.Н. 2017г.
Сумую…
У думках цябе цалую,
Твой стан спакваля абдымаю,
Адзенне з сябе здымаю.
Усё я табе дарую,
Як быццам астрог мурую.
Сябе забаў пазбаўляю,
З табой свае думкі яднаю.
Я толькі цябе кахаю,
І розум апошні губляю.
Хусцінку тваю прытуляю,
Лячу ў далягляд і знікаю.
Як быццам праз шкло ўспрымаю
Падзеі і з'явы, ствараю
Я цэлы сусвет без краю,
І нас там адных уяўляю...
Чаму ж я так моцна сумую,
Твой вобраз у думках малюю,
Імя пра сябе прамаўляю,
Аскепкі кахання збіраю?
Як быццам сама не свая я,
У бездань пачуццяў трапляю
І ў забыцці паўтараю:
Кахаю... Кахаю... Кахаю...
Кін Молба (намібійская паэтэса)
Напои меня допьяна
Поцелуями своих губ.
Дай испить мне любви вина…
Александр Гусев
Тваіх вуснаў напой салодкі…
І каханне не горш віна
Ап’яняе і засціць вочы,
Нават кругам ідзе галава.
Абдымі мяне чуйнай ласкаю,
Валасамі прыкрый галізну.
Незямной закалыханы казкаю,
Буду помніць цябе адну.
Не патухне ў душы агеньчык,
Ратавальны выток святла:
Як мяне ты тады цалавала…
Як сябе ты ўсю аддала…
Да апошняе кроплі, да донца,
Я каханне дапіў няма…
У галаве маёй круціцца сонца:
Ты адна! Ты адна! Ты адна!..
13.06.2016г.